адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 18—20 ст. Утвораны 2.4.1777 у складзе Магілёўскай губ. Цэнтр — г.Чавусы. З 23.12.1796 у Беларускай губ., да яго далучаны прылеглыя часткі скасаваных Копыскага і Старабыхаўскага пав. З 27.2.1802 зноў у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1777; мелася 5 мястэчак: Горы, Дрыбіна, Расна, Сухары, Чэрнеўка. З 1861 падзяляўся на 9 валасцей: Галянёўскую, Гарадзецкую, Гладкаўскую, Горскую, Дрыбінскую, Радамскую, Расненскую, Чавускую, Чэрнеўскую. У 1897 пл. 2168 кв. вёрст, каля 88,7 тыс. дал., у т. л. 78 тыс. праваслаўных, 2,5 тыс. католікаў, 7,5 тыс. іудзеяў. З іх у г. Чавусы пражывала каля 5 тыс.чал., у мястэчках — каля 6,9 тыс.чал. 8.4.1918 Горская вол. перададзена Горацкаму пав. З 26.4.1919 павет у складзе Гомельскай губ. 4.5.1922 скасаваны, яго тэр. падзелена паміж Магілёўскім і Горацкім пав.